404
Biełarusy

Галоўная Праглядзець усе Пра “Ідэю”

Беларускае грамадства – талерантнае, паслухмянае, выключна здаровае і шчаслівае. У гэта хто-небудзь верыць?

Школа, гімн і БТ навязваюць нам прымітыўныя стэрэатыпы. Яны імкнуцца захаваць нарцыстычны спакой БССР, зрабіць выгляд, быццам клопаты 21-га стагоддзя нас цудоўным чынам абмінаюць.

Каманда анлайн-часопіса “Ідэя” паспрабавала зазірнуць за прыгожыя дэкарацыі, уважлівей паглядзець на тыя праблемы, які мы імкнемся не заўважаць.

Нашыя героі – звычайныя беларусы, якіх вы не пабачыце на плакаце з серыі “Разам мы Беларусь”.

Павел Залуцкі

Павел не проста адкрыты гей, ён выступае са стэндап-камедыяй, дзе расказвае пра прыгоды з жыцця гея.

“За два гады выступаў са стэндапамі мяне яшчэ ні разу не пабілі. Хаця напачатку было страшна, ездзіў на таксі, у метро не спускаўся, азіраўся на вуліцах.

Для мяне стэндап – гэта магчымасць дагрукацца да сэрца гледача. Пры іншых абставінах мяне б нават не пачалі слухаць. Такім чынам я даю магчымасць даведацца праўду пра мяне.

Пасля майго першага выступу арганізатар “Адкрытага мікрафона” сказаў брутальным з выгляду наведвальнікам бара: “Калі вы будзеце чапаць гэтага підара – вам будзе кепска. Ён павінен выступаць!”

"Мне не хацелася слухаць пытанні “дзе твая жонка?”, “дзе твае дзеці?” і выкручвацца ў адказ"
Ян Грыб

Спадар Ян з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як дажыць да 80 гадоў, захаваць дух свабоды і яшчэ быць здольным уцячы ад АМАПа:

“У 1960 я вярнуўся жыць на Беларусь і здзівіўся, чаму тут ніхто не размаўляе па-беларуску. Мая душа пачала гэтаму працівіцца. З гэтага і пачалося маё прасоўванне беларушчыны.

У мяне вельмі вялікія спадзяванні на моладзь, якая цяпер падрастае.

Калі на вас бяжыць АМАПавец з дубінкай, ад дубінкі нельга ўхіляцца, трэба ісці на бліжні бой. Шчыльна!

Няволі я не цярплю. Я гатовы аддаць жыццё за свабоду”.

"Дажывём, што яны нас баяцца будуць"
Аляксандра Бебяноўская

З пачаткам канфлікту на Данбасе Аляксандра пераехала ў Мінск. Як будаваць жыццё не грамадзяніну ў Беларусі:

“Адным ранкам я выйшла на балкон і запыталася ў мужа: “Гэта – гром?” Ён сказаў: “Не, гэта не гром”.

Нашыя сваякі і з Харкаўскай вобласці, і з Івана-Франкоўскай нас не запрасілі, зносіны абмежаваліся. Толькі дзядзька з Беларусі клікаў увесь час да сябе.

Міграцыйная служба не ведала, што з намі рабіць. Мы не ўцекачы, бо не аб’яўлена ваеннае становішча. Варыянты былі два: альбо шукаць працу, альбо купляць грамадзянства за 100 000 долараў.

Дачка вучыцца ў моўнай гімназіі. Мы спачатку хваляваліся, але беларуская мова і літаратура даюцца вельмі лёгка. Размаўляе ўжо лепш за некаторых дзяцей, якія з першага класа вучылі”.

"Вы не грамадзяне, будзьце ўдзячныя, што і так вас прынялі"
Іна

Дачка Іны – лесбіянка, але гэта не прычына адварочвацца ад свайго дзіцяці.

“Я ведала, што ў яе ёсць сяброўка Алёна. Хоць я і не ведала пра іх адносіны, але нешта адчувала.

Зараз я магу пра гэта казаць адкрыта, не саромеючыся, спакойна. І ў гэтым я ўдзячная сваім дзяўчаткам, гэта таксама іх вялікая заслуга.

Мабыць, маё спакойнае стаўленне і досвед дапамогуць нечым бацькам зразумець сваіх дзяцей.

Дзіцё, гетэрасексуальнае ці гомасексуальнае, гэта ж тваё дзіцё. Я не магу ад яго адмовіцца, я люблю яго.

У Алёны з Ксюшай нарадзіўся хлопчык і ў мяне цяпер ёсць унук. Праз месяц яму будзе годзік”.

"Спачатку падавалася, што гэта пройдзе, трэба лячыцца. Але цяпер я ведаю, што гэта не хвароба, чалавек такім нарадзіўся"
Яўген Пішчык

Гісторыя Яўгена пра тое, як паход у начны клуб можа скончыцца судом і абвінавачваннямі ў распаўсюдзе наркотыкаў:

“За распаўсюд мне запрашвалі 11 гадоў строгага рэжыму, але паколькі распаўсюду не здолелі даказаць, то тэрмін знізілі. Па факце мне прысудзілі 5 гадоў у калоніі адкрытага тыпу, тое, што ў народзе называюць “хімія”.

Большасць “першаходаў” – тыя, хто ўпершыню трапляюць пад жорны сістэмы, раскайваюцца ўжо да першага паседжання суда. “Выпраўленнем” гэта называюць толькі для грамадства.

Людзі, якія знаходзяцца ва ўстановах закрытага тыпу па артыкуле 328, – не ўсе неадэкватныя наркаманы, якімі іх робяць. Там хапае дастаткова маладых і амбітных хлопцаў і дзяўчат, ад якіх было б куды больш карысці на волі.

Пасля вызвалення я хутка зразумеў, што цяпер мне будзе куды складаней паступіць вучыцца нават на завочку, уладкавацца на прэстыжную працу, прабівацца самому без падтрымкі”.

"Зняволеныя, асабліва з устаноў закрытага тыпу, – гэта проста танная працоўная сіла"
Дзмітры Маўчанаў

Як яно, пасля школы трапіць у армію і супрацьстаяць дзедаўшчыне:

“У сталоўку першымі заходзяць “дзяды”, а “чарапы” і “сланы” павінны іх прапускаць. Калі “дзяды” выходзяць са сталоўкі, усе павінны стаяць у шэрагу.

Пакаранні бываюць розныя, наколькі хопіць фантазіі. Звычайна гэта прымітыўныя пагрозы расправы.

Перамагчы дзедаўшчыну можна было б толькі тады, калі б усе “сланы” і “чарапы” выступілі б супраць. Калі ты адзін, то нічога зрабіць немагчыма.

Дзедаўшчына – гэта магчымасць атрымаць уладу проста таму, што цябе прызвалі на паўгода раней”.

"У пачатку ўсе думаюць: калі прыйдзе час стаць “дзедам”, я не буду практыкаваць дзедаўшчыну. Але потым гэта забываецца..."
Ліза Шаліма

Аповед Лізы пра тое, як няпроста ў 15 гадоў захварэць ракам:

“Усё пачалося з кепскага самаадчування, на якое ніхто не звяртаў увагу. Толькі потым ужо пачаўся сухі кашаль, пахудзенне, кепскі апетыт.

У паліклініцы вельмі доўга не маглі зразумець, што са мной адбываецца. Лекары ставілі абсалютна розныя дыягназы, нават парок сэрца.

У Бараўлянах табе ставяць працэнт выжывальнасці. У мяне паказнікі былі добрымі – давалі 85 % таго, што лячэнне мне дапаможа.

У нашых бальніцах “хімія” толькі беларуская. Яна не нашмат менш эфектыўная, чым замежная, але выклікае больш пабочных эфектаў.

Пачынаеш цаніць абсалютна кожны момант у гэтым жыцці”.

"Той перыяд хочацца максімальна забыць"